27 верасня 2025 года ў 14.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў рамках персанальнай выстаўкі жывапісу «Мелодыі святочнага горада» адбудзецца аўтарская экскурсія і творчая сустрэча з народным мастаком Беларусі Уладзімірам Антонавічам Тоўсцікам.
Уладзімір Антонавіч – адзін з найлепшых прадстаўнікоў сучаснай беларускай школы жывапісу, перш за ўсё вядомы як майстар партрэта і жанравай кампазіцыі. Жывапісец займаецца пошукам новага партрэтнага канона і ўзбагачае шматвяковы жанр досведам сучаснага мастацтва. У галерэі партрэтаў і сучаснікі, сябры мастака, і тыя, хто аказаў уплыў на яго творчасць: Марк Шагал, Фердынанд Рушчыц, Казімір Малевіч, Леанід Шчамялёў, Валерый Славук…
Душа горада ў творах Уладзіміра Тоўсціка, прысвечаных урбаністычнай тэме, – гэта непаўторны каларыт гісторыі і сучаснасці, у якім спалучаюцца рэальныя падзеі і міражныя ўспаміны, фантазійнасць і тэатралізацыя. Шматпланавыя, практычна калажныя палотны, складзеныя з элементаў пейзажаў, партрэтаў і абстракцый, вельмі праўдападобна перадаюць мімалётнае ўражанне ад прагулкі па горадзе, але варта затрымаць погляд крыху даўжэй – і кідаюцца ў вочы перададзеныя з фатаграфічнай дакладнасцю рысы архітэктурных славутасцей і характараў жыхароў.
«Для мяне карціна – гэта апавяданне, якое мае сюжэт. Гэта складанне з дзясяткаў розных фрагментаў, убачаных у розны час, у розных гарадах, іншы раз у такіх, што знаходзяцца за некалькі тысяч кіламетраў адзін ад аднаго. Я стараюся адыходзіць ад фатаграфічнай дакладнасці і працаваць па законах мастацтва. Бо чалавек, купляючы карціну, прыносячы яе дадому, купляе блізкую сабе аўру. Гэта як з абразом: карціна павінна дапамагаць і абараняць», – дзеліцца Уладзімір Тоўсцік.
Уваходны білет:
8,00 руб. – для дарослых
5,00 руб. – для студэнтаў, пенсіянераў
3,00 руб. – для навучэнцаў
пл. Свабоды, 15
+375 17 270 43 66