Уладзіміру Іванавічу Пракапцову — 72 гады!

Калектыў Добрушскага краязнаўчага музея віншуе з 72-годдзем Уладзіміра Іванавіча Пракапцова - заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдата мастацтвазнаўства, члена Беларускага саюза мастакоў, ганаровага грамадзяніна горада Добруша.

Нарадзіўся 8 жніўня 1953 года ў вёсцы Жгунская Буда Добрушскага раёна. Пасля заканчэння Жгуна-Будскай 8-гадовай школы працягнуў вучобу ў СШ №2 г. Добруша.

Потым вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава (з 1970 па 1975 г.).

У 1980 г. скончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, у 1984 г. у Акадэміі мастацтваў СССР у Маскве абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Манументальнае мастацтва Беларусі 1917–1980 гг.".

З 1986 г. прымае ўдзел у рэспубліканскіх мастацкіх выставах як мастак, удзельнік міжнародных пленэраў, біенале мастацтваў, працуе ў жанрах нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны.

Працаваў дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з 1998 да 2023 года.

25 гадоў жыцця, шмат сіл і энергіі прысвяціў наш зямляк развіццю і захаванню мастацкага музея. Усе гэтыя гады для яго не існуе выходных дзён, і нават у адпачынку яго нязменна бачаць на працы. Такая невычарпальная энергія, поўная аддача і адданасць справе далі свой вынік.

Сёння Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь - вядучы цэнтр асветы і папулярызацыі мастацтва нашай краіны, адзін з самых прыцягальных аб'ектаў культурнага адпачынку Мінска. І ва ўсім гэтым вялікая заслуга Пракапцова - выбітнага арганізатара музейнай справы.

З днём нараджэння, дарагі і паважаны Уладзімір Іванавіч! Здароўя, поспехаў, энергіі, густу да жыцця!

332